Ціхан Чарнякевіч, як сказаў бы Ігар Бабкоў, кранае сваёй далікатнай адсутнасцю. Паэт? Крытык? Эсэіст? Перакладчык? Усё праўда, і ўсё не так. Ціхан жыве насуперак. Занадта разумны, каб апынуцца гучным. Занадта мяккі, каб адбыцца поп-зоркай. Занадта тонкі, каб адбіцца ў вашых люстэрках. Гэта аўтар бясспрэчнага густу і няпростых вайбаў. Яго варта каштаваць паціху, як шляхетны віскач. І ведаць, што райтар ніколі не падмане.
*
быць тваёй канарэйкаю ў клетцы,
чакаць засушаным горлам парушэння вады,
дзюбаць парушынкі й попел на тваім паліто,
чакаць, пакуль пагуляюць,
вуснамі ў вусны,
зернейкам
праз жалеза.
*
дачыненні вопраткі і рукі
валасы адхіляюцца паддаюцца поліэстэру
гэтыя ніткі твае іх так шмат яшчэ засталося
некалі іх раздавалі амаль бясплатна
дарагая я думаў сувоі даўно раскруціліся
і не знойдзеш канцоў у лабірынце пакуты і цемры
выглядае ніткі твае заўжды былі побач
і акальцоўвалі цела цёплым пасам
чаго ад цябе яны хочуць пакупнікі пустэчы?
новых гірляндаў?
вернасці?
гладкіх і роўных паверхняў?
яны так любяць атрымліваць цеплыню тваіх рук
яны так любяць калі напінаецца холадам голая скура
я не ведаю што я знайду калі рушу далей
трэба ісці навобмацак можа быць вельмі доўга
натыркацца на кавалкі вантробаў чарапы герояў
але вядзі вядзі мяне белы кужаль
да апошняй брамы світання
да апошняе бітвы
Пасля канфлікту
аднак, калі спыніць усміханне,
калі спыніцца, нібы перад лужынай
ці атамнай станцыяй
у мове столькі зычных
у якіх замураваныя галасы
словы калісьці нагадвалі мне спружыны
цяпер хутчэй вяроўкі
“пяцелькі”, — казала першая настаўніца
скочуць пад рукамі як каўбойскае ласо
радэа мыслення
але
яны не орган пачуццяў
яны толькі каўбоі ў загародцы, верхам
на конях, з метадычным садызмам да ўсяго жывога
круццяца ў аблоках пылу
створаны каб чуць, дакранацца, бачыць
адчуваць рознасць
я мог бы цябе знайсці па тэмбры голасу,
не закаванага ў зычныя
песня нарадзілася з радасці
а словы, прабач,
нарадзіліся з болю,
які вельмі хацелася перадаць.
Śląsko-Dąbrowski
(Ул. Лянкевічу)
не бярозавых дроваў не пячэнняў мадлен
а нясвежага подыху газавы тлен
як адхаркнуты жоўтым сухотным трамваем
мы ідзем і на поўныя грудзі ўдыхаем
вецер зменаў і волі аказаўся такім
па-над Віслай туман над дарогаю дым
замкі пляцы і пусткі нібы на далоні
пратакольны зефір ураджэнцам калоній
але будуць Каляды і будзе Раство
Багдановіч на санках прывязе хараство
можа быць і складзецца жыццё ў арыгамі
а пакуль што — завіснем між берагамі
Віленскія супермаркеты
паўсюль свае недахопы
асабліва ў “Максіме” — пастаянна чагосьці бракуе;
пры гэтым нібыта ўсё ёсць, але браць нічога не хочацца.
люблю “Лідл”: добрыя круасаны і шакаладкі з фундуком за 0,99.
з другога боку, не пакідае ўражанне, што Гасподзь кагадзе прайшоўся фуганкам,
потым усё памылі і стала роўненька, а пра старую Эўропу нагадваюць нязручныя кошыкі.
краму “Норфа” наведаў пакуль адну, каля тэлевежы,
хіба там толькі й можна было заспець Ўолта Ўітмана сярод гнілых мандарынаў —
яўны дыскаўнтар для старых дыск-жакеяў у пошуках дыжэстываў і
тавары прыціснутыя да сцяны нямымі запытаннямі пакупнікоў.
“Get the fuck out of here”, — шторазу гавораць мне вочы касіркі “ІКІ” на раёне.
“I was saying ‘let me out of here’ before I was even born”, — па-дыяканску
сціпла адказваю пакі і пакі. У цэлым, я не чужы рытуалам,
але ў пэўных выпадках плюсаў не так і шмат.
напэўна, мне максімальна камфортна ў “Рымі”, дзе заўсёды
пуста і можна колькі заўгодна місіянерстваваць забітым птушкам і
выпушчаным вантробам, і адпачываць толькі сярод садавіны і гародніны,
ды ў кавунах не пабачыш Гарсія Лоркі, адно часам — аблічча сябра, якога няма,
аднак я не адзін з падобным жыву.
і тым не менш, я дзякую ім, маім суразмоўцам — прыправам, слоікам,
мокраму тварагу, майму сябру пластыкаваму сыру і сяброўцы
мёрзлай каляровай капусце, — і заўсёды вясёлы й нагружаны іду дамоў.
бо чаго ў гэтым горадзе толькі не купіш, каб не ісці дамоў.
*
я помню, ты збірала лісце жоўклае
ў лагчыне, што насупраць планетарыя.
і ні дарослых, ні дзяцей навокал і
адны халодныя вятры нас шкуматарылі.
сядала сонца, паміж дрэў пражэктарам
свяціла і на лісце клала лініі.
галёкаў парк, іскрылася электрыка,
а ты спявала ў пошуках бурштыніны.
і ў песні плавалі кляновыя караблікі
і сонца, што ўцякло, а прыйдзе з раніцы.
і ўжо гублялася пальчатачка з рукі,
і развязаліся вузельчыкі на шапачцы.
і я стаяў, пры мокрым дрэве спінаю,
не рухаўся, бо унутры ўсё вымерзла.
і ў новым холадзе я грэюся ўспамінамі,
калі з табою сустракаўся і развітваўся.
*
дзяцінства, дзяцінства,
Радзіма з вялікай літары
кожны раз, ідучы цёмным завулкам,
я думаю: зараз хтосьці падбяжыць
і ўсадзіць нож
вось і ўсё
вось такі верш
***
чорны пакой і прыценены дол
шорхае дождж уначы за акном
дрэва дамушнікам драпае шкло
нібы наогул жыцця не было
трэцяя пятая ночы ці ранку
як не расчэсваць новую ранку
шэпчуцца змеі ў лясах за ракой
вільня захоўвае вечны спакой
***
хацелася б ведаць,
ці застаецца штосьці для паэзіі,
калі кажаш:
“мама, мамачка, мне так балюча”.
Ціхан Чарнякевіч — літаратурны крытык, перакладчык, паэт, рэдактар сайта bellit.info, каардынатар Школы маладога пісьменніка. Нарадзіўся ў 1986 годзе ў Пінску. Скончыў факультэт беларускай філалогіі і культуры БДПУ па спецыяльнасці “Беларуская мова і літаратура. Журналістыка” ў 2008 г., а пасля магістратуру і аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры БДПУ. Працаваў у газеце “ЛіМ”, часопісе “Маладосць”, Беларускім ПЭН-цэнтры, Радыё Свабода, Саюзе беларускіх пісьменнікаў. Аўтар нарыса “Вандроўнік: кніга пра паэта Уладзіміра Някляева” (2016).