Жыццё — нечаканы цуд з прадказальным фіналам. Нам застаецца няшмат. Старыя фоткі і бляклыя нататкі. Смак неадваротнага. Танцы на вогнішчы. Цені лёсаў ды сямейныя легенды. Марыя Літвін працуе з тонкімі рэчамі. І дазваляе нам ціха з імі дамовіцца.
Карагод маўчання
Асобная палата
Ноўтбук дазволілі, але хаваць трэба
Не Хілтан, канечне
Нізка паведамленняў ад мамы і тры фотаздымкі ў Тэлеграме. На першым — ракавіна ў куце з невялічкім люстэркам. На другім — вузкі незапраўлены ложак на колцах. Трэці — тумбачка з нейкай незразумелай міскай, блістарам таблетак і бутэлькай мінералкі. Усе фотаздымкі блакітныя, быццам зробленыя з-пад вады, так што ад аднаго погляду на іх робіцца халодна.
— Планавая аперацыя пад мясцовай анестэзіяй. Надрэз, выдаленне, шоў. Проста кістачка — так яна гаворыць слова “кіста”, кістачка, як штосьці маленькае і пяшчотнае, як котка, котачка, — ёй 20 гадоў ужо. Няма пра што хвалявацца.
Яна нічога мне не казала. Не казала, што будзе аперацыя, што яна ўжо некалькі месяцаў ходзіць на агляды да доктара. Такая ў нас традыцыя: нічога адна адной не казаць.
Трэба аддаць належнае — я добрая дачка сваёй сям’і. Я пачала ўсмоктваць гэтую звычку, як толькі маці ўпершыню прыклала мяне да грудзей. Яна перадавала мне з потам маўклівы жаночы рытуал, скура да скуры, пакуль акушэркі завязвалі пупавіну – вузельчык на памяць. Я таксама нічога ёй не распавядаю. А яна не распавядае нічога сваёй маці, маёй бабулі. Мы можам абмяркоўваць толькі тое, што ўжо адбылося незваротна, чаму нельга дапамагчы і немагчыма перашкодзіць.
— Я нашла новы кухонны гарнітур, апошні ў магазіне. Троху пашкрэбаны ўнізе, але з вялікай зніжкай. Зараз паеду ў банк і вазьму ў растэрміноўку. Толькі да вечара нікому не гавары, а то сурочаць. І бабулі не гавары.
Нельга хваліцца пра справу, якая яшчэ не завершаная. Нельга загадваць жаданні ўголас, бо не спраўдзяцца. Нельга казаць родным пра цяжарнасць, пакуль не стане бачным жывот. Ніякіх я хачу, я планую, я буду… Толькі я ўжо. Бо насурочаць, нагавораць, праклянуць.
Матчын праклён самы страшны. Ад маці да дачкі, ад маці да сына, ад маці да маці.
У нашай сям’і ходзіць гісторыя, як мой дзядзька ў шэсць год захварэў на поліяміеліт. Косці ў яго нагах запаліліся і лекары сказалі, што ён назаўжды застанецца інвалідам. Тады мая бабуся ўзяла яго на рукі і панесла праз увесь горад у бальніцу. І так і зайшла ў кабінет да галоўнага хірурга. Так і стала перад ім, як хатынская статуя. Доктар пашкадаваў яе і адправіў малога верталётам у райцэнтр, дзе яго прааперавалі і вярнулі яму ногі. Так мая бабуся выратавала свайго сына.
Ніводнае сямейнае свята не абыходзіцца без гэтай гісторыі. Яе перадаюць нашчадкам, як спадчыну. Як старую расшытую спадніцу, што ляжыць у шафе пад стосам дакументаў, беражліва загорнутая ў поліэтылен. Мой дзядзька жыве ў гэтай гісторыі, нібы чарнобыльскі Пітэр Пэн, так і не пасталеўшы, не паспеўшы зрабіць ніводнага кроку на здаровых нагах, бо на гэтым расповед змаўкае. За святочным сталом дзядзька слухае ўважна, быццам не ведае, чым усё скончыцца, ці сочыць, каб бабуля не ўпусціла якой дробязі. Потым задаволена пасміхаецца і выходзіць ў іншы пакой ці на падворак, каб пабыць на самоце.
Гэтую гісторыю можна распавядаць, бо яна адбылася даўно, яна прыналежыць часу. Іншая справа будучыня — хісткая і ўразлівая да неасцярожнага слова. Мы захоўваем маўклівы зарок, водзім нястройны карагод вакол вогнішча, заклінаючы заўтрашні дзень. Мы спяваем толькі пра тое, чаго ўжо немагчыма змяніць, тое, што стаіць за нашымі спінамі.
— Я паступіла ва ўніверсітэт.
— Мы прадалі дом.
— Я выйшла замуж.
— Мне зрабілі аперацыю.
— Я памерла.
— Мяне няма.
Што адбываецца з падзеяй, пра якую ты яшчэ не даведалася? Яе няма? Паведамлення на экране твайго тэлефона не існуе, пакуль ты яго не пабачыш. Тры прапушчаныя ад мамы нічога не значаць, пакуль ты не перазвоніш, — на ноч, на гадзіну, на хвіліну даўжэй усе застануцца жыць.
Калі я з’ехала з дому, у ім пачалі паміраць мужчыны. Першым пайшоў мой айчым, потым мамін новы партнёр, за ім — дзед. Яны раптоўна сталі такімі маўклівымі! Можа, таму пра кожнага з іх мне сказалі не адразу. Калі чалавек памірае ў бальніцы, паведамленне сваякам звычайна не адкладаюць больш, чым на 2—3 гадзіны. Калі пацыент памірае ўночы, могуць пачакаць да раніцы. Тут пачынае закручвацца карагод маўчання. Бабулі, напэўна, спатрэбіўся час, каб сабрацца з думкамі і патэлефанаваць дзецям, — яна баялася спалохаць іх заплаканым голасам. Мама набрала мяне на наступны дзень. Маёй сястры вырашылі пакуль не казаць, бо яна рыхтавалася да іспыту ва ўніверсітэце. Для яе дзед пражыў даўжэй за ўсё — 73 гады, 29 дзён і 4 гадзіны.
Што яна рабіла гэтыя лішнія два дні? Сядзела за канспектамі, піла каву, глядзела кіно з сяброўкай? Што рабіла я, калі мая мама адна хадзіла на агляды да доктара? Што рабіла мама, пакуль ўжо я, добрая дачка сваёй сям’і, ляжала ў лякарні на іншым кантыненце і выгадвала момант, калі лепш патэліць ёй і сказаць:
— Я хварэла, але ўжо здаровая! Няма пра што хвалявацца…
Яна стаяла ля вогнішча і моўчкі паліла лісце, чакаючы, калі ўсё міне, калі можна будзе вадзіць карагод і спяваць пра шчасце, якое ўжо адбылося. Якое не баіцца словаў.
— Ён памёр, але ўжо жывы! Няма пра што хвалявацца!
— Яна заваліла іспыт, але ўжо пераздала і ўсё добра!
— Мы прадалі дом, але вось ён стаіць.
І мы палім вогнішча на заднім двары і танчым у старых расшытых спадніцах, трымаючы адна адну за тонкія дзявочыя рукі, — маўклівыя жанчыны майго роду.
Марыя Літвін — пісьменніца, сцэнарыстка. Родам з Падняпроўя. Удзельніца лабараторый фем- і дэкаланіяльнага пісьма “Расцяжэнне” і “Карані / Лісце”. Выдавалася на беларускай, польскай і ангельскай мовах.