Арцём Лонскі. Палявыя даследаванні японскіх школьніц.

Маладосць — хвароба, якая праміне сама собой. Яна мае бясспрэчнае права на Уітмэна, Купалу, Коэна, Хадановіча і ўвесь гэты джаз. Проста таму, што пазасталыя ўжо нагуляліся. Музыка дзёрзкіх летуценнікаў і пафасных валацуг з лёгкім подыхам важыць няшмат і памірае прыгожай. Каб хтосьці потым яе пераклаў на літаратуру. Ці прынамсі на ўзнагароды ды рэпутацыі. Інжой! Пакуль свежае.

Японскія школьніцы

у свеце татальнай перамогі японскіх школьніц
з усімі іхнымі кароткімі спадніцамі,
даўгімі тэнтаклямі
і сярэднімі баламі,
вышэйшымі за ўсе нашы разам узятыя,
я хацеў бы зладзіць джаз-бэнд
з Янкам Купалам і Багдановічам,
дзе б я наігрываў нешта на клавішных,
яны — на басе і саксафоне,
папераменна то чытаючы ў мікрафон
пра палёты да зораў,
то крычучы “гэй, наперад!”

а Колас бы чытаў пра нас у турме,
пішучы тэксты для нашых наступных песень
белыя-белыя, як першая палова назвы нашай краіны
і бяскрайнія, як другая
а мы б ладзілі выступы пад мурамі яго турмы,
і, акрамя яго, нас прыходзілі б слухаць
толькі японскія школьніцы,
бо беларускія баяліся б затрымання.

і вось ужо Колас выходзіць
і гугліць japanese schoolgirl porn
і Купала адбірае ў яго тэлефон,
і як любы добры джаз-бэнд,
мы б існавалі сто год
і амаль ніхто пра нас бы нават не чуў.
а потым Багдановіча з’елі б сухоты,
Купала б разбіўся (ці разбілі б яго),
а Колас са мною пражыў бы шчэ троху,
але ў пяцідзесятых ад старасці бы памёр.
і вось застаўся б толькі я сам
і ў свае 20 напісаў бы
пра гэта ўсё верш,
але вы б усё адно не паверылі,
што яны таксама былі людзьмі,
а не нейкімі звышістотамі
кшталту японскіх школьніц.

Верш пра свабоду

Аднойчы ў цягніку міжрэгіянальных ліній эканом-класа Полацк-Брэст правадніца ў дабравольна-прымусовым парадку накрыла мне ногі навалачкай,
бо пасажырка насупраць паскардзілася, што шкарпэткі мае занадта моцна смярдзяць.

І пакуль я мыў свае ногі халоднай вадой
(гарачае не было),
націраючы ногі вадкім мылам
(якое я вымушаны быў даставаць з-пад крышкі кантэйнера, як мядзведзь дастае з вулля мёд, бо дазатар не працаваў)

мне падумалася, што пахлі яны свабодай
і менавіта таму так раздражнялі тую пасажырку.

Той свабодай, да якой заклікаў Крапоткін.
Той, якую нястомна ўслаўляў як малады й безбароды,
так і стары й зарослы Ўітмэн.
Той, да якой заклікаў Купала.

І я ўпэўнены —
казаў я сабе, націраючы ногі мылам —
што наступныя пакаленні —
бубнеў пра сябе, уключаючы ваду —
будуць больш вольнымі і змогуць смярдзець свабодай —
думалася, пакуль я трываў холад вады з цягніка —
так моцна і ганарліва, каб не курчыцца ў цесным туалеце,
калупаючы кантэйнер з мылам,
спрабуючы хоць нешта з яго дастаць.

Няхай гэта і толькі свабода мыць ці не мыць свае ногі.

мы вярталіся з літаратурнага фестывалю

ужо ў іншым, даўно мінулым жыцці
мы вярталіся з літаратурнага фестывалю,
ішлі дварамі
і слухалі, што кажуць людзі
“куды — відавочна,
у вінна-водачны”

ужо ў іншым, даўно мінулым жыцці
мы вярталіся з літаратурнага фестывалю
ішлі дварамі
і слухалі, што кажуць людзі
“цішэй, не заблюй машыну
цішэй, не заблюй машыну”

ужо ў іншым, даўно мінулым жыцці
мы вярталіся з літаратурнага фестывалю
ішлі дварамі
і людзі слухалі, што ты казала
“а Хадановіч
падобны на мішку,
і голас у яго
як у мішкі”

вадаспад

гляджу майстар-клас замежны
па напісанні вершаў
і лектар чытае там
адзін са сваіх твораў:

гэта досыць вялікі верш
прыгожа напісаны
вывераны
з цікавымі вобразамі
 —
пра вадаспад

проста вадаспад
без ніякіх метафар адухаўляльных
без прыхаванага сэнсу

без аніякага бунту
зусім без пратэсту
проста пра вадаспад

мару калі-небудзь таксама
пісаць проста пра вадаспад
але відаць так не выйдзе

здаецца каб пісаць
проста пра вадаспад
трэба каб класікаў твае літаратуры
не расстрэльвалі
і не трымалі па турмах
каб мову не выціскалі
быццам чорную кропку на твары
каб кніжкі на ёй не рабіліся кантрабандай

і зразумела
трэба каб у краіне тваёй
былі паўнавартасныя
вадаспады

Музыка

музыка — забаўка
для заможных заходнікаў,
у якіх удосталь грошай
на гітары, узмацняльнікі
ды барабанныя ўстаноўкі

у нашай краіне вечнае квецені і дабрабыту
найнароднейшы від мастацтва — гэта паэзія,
бо нават просценькая акустычная гітара,
накшталт той, што мне ў 10-м класе купілі бацькі,
каштуе сотню бляшанак
у піўным эквіваленце,
а калі браць аліварыю дзясятку,
то нават сто двадцаць бляшанак,
хаця мне асабіста больш па гусце
лідскае аксамітнае

і калі набыццё гітары нават не гарантуе, што я навучуся ёй карыстацца,
сто бляшанак аксамітнага, магу запэўніць, дададуць у маю творчую скарбонку 50 новых вершыкаў

адзіны мінус:

яны будуць альбо кашай накшталт вось гэтага,
прачытаўшы якую, Максім Багдановіч тройчы пашкадаваў бы, што наогул уводзіў у беларускую літаратуру форму верлібра

альбо безгустоўнай рыфмаванкай пра слуцкія паясы ды буслоў над маёй хатай

цешыць толькі адно:
калі-небудзь
заробкі і ВУП у маёй краіне так вырастуць,
што людзям пачне сапраўды хапаць на музычныя інструменты

і тады маладыя музыкі,
асвоіўшы свае сінтэзатары
за дзве тысячы,
электрагітары
за паўтары
і басухі з куфра за 200
(бас жа ёсць бас, нашто плаціць болей?)
пакладуць мае словы на музыку
і з’явіцца песня, якую, праўда, забудуць так жа хутка, як я напісаў гэты верш,
папіваючы лідскае аксамітнае і закусваючы факачай з сырам і аліўкамі, купленай у пякарні па дарозе дадому

(можа, з-за гэткіх трат у мяне і няма грошай на электрагітару?)

Арцём Лонскі. Нарадзіўся ў Мёрах у 2000 годзе. Вывучаў беларускую філалогію ў ВДУ імя Машэрава. Перакладчык і рэдактар у праекце anibel.net. Фіналіст конкурсу “Першацвет” (2020). Вершы і пераклады друкаваліся ў часопісе “Маладосць”. Тыкток-блогер і стваральнік мемнага пакуль не экстрэмісцкага тэлеграм-канала “тупарылыя карцінкі“.