Каханне. Вера. Памяць. Кацярына Рускевіч пра дзіўныя кнігі часоў заняпаду.

Літаратурныя бліц-агляды — рызыкоўная справа. Гэта як дыскатэка ў ліфце: трэба быць істотным/-ай у відавочна абмежаванай прасторы. Дрэнная навіна: можна не ўхапіць галоўнага. Добрая навіна: чытач, верагодна, проста не здабудзе арыгінала і не зразумее, у чым ты памыляўся/-лася. У любым выпадку маем выдатную магчымасць першаснай арыенціроўкі. А што далей — вырашайце самі.

Павел Каспяровіч “Чорная рэчка” (Мінск : Кнігазбор, 2021)

Большая частка гісторый зборніка “Чорная рэчка” — пра 1990-я. Нефармалы, кароткі перыяд беларускага Адраджэння. Канфлікты з гопнікамі (у тым ліку з-за беларускай мовы). Вандроўкі ў Санкт-Пецярбург ­— горад любімых рок-гуртоў аўтара. І сама Чорная Рэчка, дзе калісьці адбылася дуэль паміж Пушкіным і Дантэсам. Тыя, чыё сталенне прыйшлося на гэты час, павінны памятаць пачуццё неўладкаванасці, агульную маргінальнасць, уцёкі ў алкаголь, “упіскі”, пад’езды, суворы кодэкс спальных раёнаў. Адчуць агульную атмасферу часу дапамогуць цытаты з песень “Крамы”, “Мроі” і польскага панка. Можна настальгічна ўзгадаць, якое месца тады займаў гурт “Нірвана” і наколькі сур’ёзнай падзеяй была смерць ягонага фронтмэна Курта Кабэйна: у перадапошнім апавяданні яго імя будзе ў памінальнай малітве разам з іншымі нябожчыкамі.

Настальжы як настальжы. Але Павел Каспяровіч — аўтар нечаканы: святар Пакроўскага сабора ў Гародні айцец Аляксандр. Нарадзіўся ў невялікім мястэчку Сміла ў Чаркаскай вобласці ва Украіне. Як паэт і пісьменнік друкаваўся ў рэгіянальных выданнях. Каардынатар Гарадзенскай епархіі па працы з людзьмі з алкагольнай і нарказалежнасцю.

Як сцвярджае сам аўтар, усе гісторыі заснаваны на рэальных падзеях. Улічваючы няпросты — а ў каго ён, хочацца спытаць, у 90-я гады быў простым — жыццёвы досвед святара, можна лёгка ўявіць вытокі ягоных тэкстаў.

Па структуры апавяданні падобныя да прытчаў: біяграфічны ўступ, драматычнае развіццё, прысутнасць провіду як абавязковага пятага элемента — і надзея ў канцы. Ад аповедаў застаецца дваістае ўражанне. З аднаго боку, яны раздражняюць сваім празмерным лірызмам і занадта відавочнай мараллю. З іншага, падчас чытанкі адчуваеш: такое прыдумаць нельга.

Ёсць, аднак, жаданне дастаць рэдактарскія нажніцы і прыбраць усё лішняе, пакінуць толькі кароткія фразы, як у творах амерыканскага бруднага рэалізму. У выніку кніга стала б у некалькі разоў танчэйшай, а ў тэксце без страты сэнсу адчулася б схаваная жыццёвая сіла. Але праваслаўны святар звяртаецца не да яе, а да веры.

У тэкстах Каспяровіча акрамя рэалістычнасці ёсць асабістая смеласць і давер да нас — чытачоў. Але смеласць не гераічная, а іншага складу, як у аповедзе “Дуня”. Гэта гісторыя пра страту ненароджанага дзіцяці. Усё, што звязана з жаночым арганізмам: хваробы, цяжарнасць, роды, аборт, — шмат часу заставалася табуяванай тэмай. Самі жанчыны пра гэта практычна не пішуць, тым больш не чакаеш падобнай спагады ад мужчыны.

Гісторыя Мішы Пінчука з апавядання “Дэжа вю”, калі яго падкараціць, выглядае як дакументальнае кіно: дзяцінства, малалецтва, юнацтва — ад гульні ў чу да перадазіроўкі ў наркаманскім прытоне. Менавіта ў момант перадазіроўкі перад вачыма героя апавядання праносіцца ўсё яго жыццё. Выпадкова вымаўленыя словы малітвы “Ойча наш” зноў робяць цуд, толькі калі ў дзяцінстве гэта быў выйгрыш у гульню, то зараз — міліцэйскі рэйд, “хуткая” і рэанімацыя.

Айцец Аляксандр піша пра Бога, про тое, што ён увесь час недзе побач, а чытаеш у выніку пра жыццё: жорсткае, жахлівае, дзіўнае, але ўсё роўна з надзеяй.

Уладзіслаў Гарбацкі “Mercks Grac!” (London: Skaryna Press, 2022)

Кніга была напісана падчас пандэміі ў літаратурнай рэзідэнцыі ў Грацы. Першая яе частка — аповесць пра каханне ў даўнія часы чумы паміж маладым аптэкарам Матыясам і начальнікам варты горада Грац Якубам. Гэта аповесць пра каханне падчас чумы, а таксама пра рэакцыю ўладаў на паляндру.

“Мор узяў усіх, каго хацеў, забраў слабых і нямоглых, папсаваў і спачварыў мацнейшых – і сышоў. Бо больш нікога ўзяць ня мог. А людцы, і пагатоў уладцы ды царкоўнікі, прыпісалі сабе перамогу, а перамога была і ёсьць заўсёды на ейным баку – паляндры”.

Чума або мор — вядомы літаратурны прыём, метафара і фон для іншых падзей, вядомы яшчэ з часоў Гамера і Фукідзіда. Сацыяльна-літаратурная функцыя эпідэмій цалкам зразумелая: паказаць слабасць дзяржаўных інстытутаў і чалавечую баязлівасць — як будуюцца новыя структуры, у тым ліку і таталітарныя, абвастраецца непрымірымасць і прыватныя стасункі. Прыблізна ўсё гэта ёсць і ў аповесці. Але літаратура тут не перамагае філалогію.

Рэшта кнігі — серыя невялікіх нататак (падарожных абразкоў): культурныя скрыжаванні — моўныя і архітэктурныя, уражанні ад мясцовасці і прыемныя ўспаміны, у тым ліку кулінарныя і антрапалагічныя.

На мову аўтара варта звярнуць асаблівую ўвагу. Адзін з напрамкаў ягоных навуковых інтарэсаў — сацыялінгвістыка. Пра беларускую ненарматыўную лексіку Гарбацкі ведае ўсё. Ён шмат разоў ездзіў у этнаграфічныя экспедыцыі па Віцебшчыне і Магілёўшчыне, ён аўтар шэрагу мовазнаўчых кніг і артыкулаў. Мова Гарбацкага-літаратара складаецца з дыялектызмаў і састарэлых слоў. Ёсць выразы, якія ўжываюць толькі на Віцебшчыне. Складана сказаць, наколькі гэта ўсё падыходзіць для апісання барочнай чумы і пачуццяў паміж двума маладымі людзьмі. Але дакладна можна моцна пашырыць свой слоўнікавы запас.

У анатацыі рамана на сайце выдавецтва “Скарына” гаворка і гісторыя робяцца метафарай: “Шматслойны эфект: гістарычная аповесьць пра Грац ХVII стаг., насельніцтва якога было сьцертае паляндрай, успрымаецца праз прызму беларускіх гаворак, амаль сьцертых расейскай каляніяльнай палітыкай”. Рэдактаркай кнігі стала вядомая даследчыца Бібліі Караліна Мацкевіч.

Сцяпан Стурэйка “Пасажыры карабля Тэсея” (Мінск: А. М. Янушкевіч, 2022)

Кніга даследчыка беларускай спадчыны Сцяпана Стурэйкі выйшла ў выдавецтве “Янушкевіч” у 2022 годзе. Але гэта зусім не навуковая праца.

У адной беларускай вобласці пачалі знікаць унікальныя гістарычныя помнікі. Яны знікалі ў літаральным сэнсе гэтага слова — перад пачаткам рэстаўрацыі. Разбірацца, у чым справа, прыехаў малады следчы. Пачатак лістапада, шэры дождж, мясцовыя жыхары, як звычайна, нічога не ведаюць — сардэчна запрашаем у цудоўны свет беларускай глыбінкі. Нягледзячы на тужлівую атмасферу, тэкст чытаецца весела і бадзёра: дапамагае змрочны гумар і крыху абсурду. Трошку бянтэжыць невыразная канцоўка аповесці, але гэта тыповая асаблівасць белліту.

Разважаць пра гісторыка-культурную спадчыну Беларусі, тым больш займацца гэтым як даследчык (а яшчэ й літаратар), — справа цікавая, абсурдная і няўдзячная. Хай і па-ранейшаму высакародная. Здаецца, столькі ўсяго было разбурана за папярэдняе стагоддзе. А калі не паспелі зруйнавацьу 20-м стагоддзі, абавязкова зруйнуюць у 21-м. І што ў такім выпадку захоўваць? А калі аб’ект атрымае статус? Хто будзе за яго адказваць? А калі помнік адновяць, што застанецца ў выніку? Можна атрымаць яшчэ адзін карабель Тэсея. Дзякуй грэцкаму філосафу Геракліту за парадокс: “Калі ўсе кампаненты зыходнага аб’екта былі заменены, ці застаецца гэты аб’ект тым жа самым аб’ектам?” Ці не было б усім лягчэй, калі б аб’ект — замак, царква, сінагога — проста знік?

“— Што вы, ды нікому тая сінагога не была патрэбная. Перакасілася ўся, працякала, паловы даху не было. Цэгла вывальвалася… У ёй раней склад райспажыўкааперацыі мясціўся. Бутэлькі, скрыні, мэблю захоўвалі. Некалькі чалавек там працавала. Для ўсіх мясцовых сінагога — былы склад, нічога болей. А што сінагога, што там маліліся — ніхто і не згадваў. Калі пра яе інфармацыю збіралі, адзін жыхар, габрэй, вельмі здзівіўся: маўляў, за савецкім часам дзесяць гадоў тут адпрацаваў і тое не ўцяміў, што сінагога. Толькі цяпер дайшло. Хаця паглядзіце на фотаздымкі. Здаецца, адразу зразумела… Людзі ў нас з кароткай памяццю”.

Наступную аповесць “Разбуральнік” можна чытаць як пралог да папярэдняй — або тэкст пра выхаванне пачуццяў. Дзеянне адбываецца ў перадапошняе дзесяцігоддзе існавання Савецкага Саюза — час застою, партыйнай бюракратыі і пустых прамоў. У аповесці таксама знікаюць гістарычныя будынкі — але па зразумелых фізічных прычынах. Афіцыйна зносіцца неліквіднае жыллё, якое не мае гістарычнай каштоўнасці, на яго месцы пабудуюць тыпавыя дамы з усімі ўмовамі. Але насамрэч улады проста вывозяць гістарычны камень і цэглу ў Еўропу: там выявілі, што ад узросту будаўнічых матэрыялаў залежыць каэфіцыент добрага настрою людзей, што жывуць у гарадах.

Жыхарам горада разбуранай памяці шчыра спачуваеш. А развагі партыйнага начальніка аб лабільнай гісторыі, якой насамрэч не існуе, чытаць цікава, але брыдка.

“Ядвіга Антонаўна ўзнёсла слухала кіраўніка, а той яшчэ з паўгадзіны разважаў пра гістарычную прастытуцыю. З таго, што ён казаў, выходзіла, што гісторыі не было. Кат Сталыпін і генералісімус Сувораў былі, а гісторыі — не. Калі ж гісторыі няма, то і гістарычнага нічога няма. А тое, што ёсць, — гэта толькі прыступкі на шляху да светлай будучыні. Такая ў шэфа была пазіцыя. І гэта пазіцыя заслугоўвае шчырай сацыялістычнай павагі. А са старызнай мы ўжо неяк разбяромся”.

Гісторыя вялікіх наратываў і персон лёгка мяняецца, і такім чынам сціраецца. Значна складаней з гісторыяй знізу — занадта шмат усяго пераплецена паміж сабой: успаміны, звычайнае жыццё, канкрэтныя месцы ў прасторы. Французскі гісторык П’ер Нара трапна пазначыў падобныя скрыжаванні як месцы памяці. Такое немагчыма знішчыць або забыць, але магчыма аднавіць у іншым выглядзе.

На жаль, у аповесцях няма выразнага адказу, чаму знікае спадчына. Як і няма адказу, як яе захоўваць і хто адказны. Гэта ўсё, напэўна, “належыць да іншай сістэмы каардынат”.

Кацярына Рускевіч (1981). Нарадзілася ў Менску, жыве не ў Менску. Па першай адукацыі эканаміст. Другая — філасофская. Калісьці пісала для беларускіх выданняў. Займаецца даследаваннем савецкага манументальнага жывапісу Беларусі.