Вольга Гапеева. Вершы для Літрадыё.

Той выпадак, калі ў жыцці за мяжой адбудоўваецца прынцыпова іншы смак беларушчыны. Адзін з нешматлікіх галасоў, якія важна чуць.

8 вершаў

у чаканні аўтобуса
грэю ўнутраную паверхню сцёгнаў
на лаўцы драўлянай

летам трэба быць апантанай
і абавязкова плаваць
каб трошку стаміцца
і заўважыць што часу няма
ёсць толькі памяць

мора можна замяніць возерам
возера рэчкай
вольхі на платаны
беларускае мястэчка на швайцарскую вёску

і ўсё адно сядзець на драўлянай лаўцы
думаючы пра нішто

малечы вяртаюцца з пляжу
ні чытаць ні пісаць яны яшчэ не ўмеюць
ім даводзіцца ўсё несці ў сабе
так расце памяць

яны тузаюцца, гамоняць, спрачаюцца,
валтузня
і раптам
яны бяруць за руку таго хто стаіць побач
так проста і натуральна
чыя то рука — неістотна
сябра ці ворага
іх пакуль што няма
яны прыйдуць пазней з літарамі
а цяпер ёсць толькі тут і цяпер
і адчуванне рукі што кладзецца ў руку
каб быць побач
калі небяспечна

цела сядзіць за сталом, глядзіць леваруч у акно
яно выпіла кавы
пару тройку пігулак — ад ежы адмовілася
цела нарадзілася ўдзень па абедзе
таму сняданкі даюцца яму цяжка
цела любіць вячэры
а яшчэ калі яго песцяць
проста, неэратычна
цела не любіць жорсткіх кашуляў
калючых швэдраў і вузкіх маек
нязручных пантофляў і канешне ж станікаў
цела называюць жаночым
і яно доўга з гэтым звыкалася
як і з тым што ад яго вечна нешта хацелі
каб яно было гнуткім і стромкім
каб магло бегчы бясконца і хутка
каб клалася спаць пасля калыханкі
а зранку каб зноў прачыналася
каб ела ўсё што даюць
каб было ўдзячным усім і за ўсё
каб працавала і не ведала стомы
каб ездзіла ў адпачынак па графіку
весялілася і засмучалася па раскладзе

доўга цягнулася гэтая завядзёнка
а потым цела зламалася
яго канешне адрамантавалі
але цяпер яно было целам з дэфектам
можа нават і не адным

так запаволіўся рух
і раптам цела адчула
цішыню і спакой
і нехта сказаў
прывітанне, цела,
прабач што я цябе не любіла
цела ўздыхнула
паклала ў рот чакалядку
і ўсміхнулася

для сусвету
што я
што пчала

калі пытаюцца колькі ведаю моваў
пачуваюся досыць няёмка
колькі б не ведала
здаецца галоўных яшчэ не адолела
адшукаць бы падручнік
па павучынай мове
мове стракоз
камянёў і чорных гагараў
па мове ровараў
і трыснягу
па мове святла і ценяў
мове сочыва размазанага па талерцы
і мове пылу

вось тады я б загаварыла
і можа нават штось пераклала б

з лавандавай на чмяліную
або з вазёрнай на цагляную

у некаторых людзей
сэрцы знаходзяцца так высока
што даводзіцца браць лесвіцу
каб туды дабрацца
некаторыя носяць сэрцы свае на рукаве
а іншыя дык і зусім хаваюць у пятках
здараецца сэрца пераварочваецца ў целе, скочыць і абрываецца
нібы акрабат на трапецыі
тады самы час выклікаць хуткую дапамогу
каб яго яшчэ можна было б камусьці аддаць

летам

выратавала ад калецтва ці смерці восем казюрак

аднаго матылька і трох жукоў

пра людзей нічога сказаць не магу

яны горш паддаюцца выратаванню

на планеце зямля
жывуць збольшага іншапланетнікі
хто з альдэбарану хто з альфа-цэнтаўра
бо як яшчэ патлумачыць
тую самоту што агортвае пад вечар
той страх у вачах мінака

тут ніхто нікога не разумее
і ўсе мараць, як бы хутчэй вярнуцца дадому
за тры або пяць
мільярдаў светавых гадоў

і пакуль іншыя іншапланетнікі спяць
я дасылаю гэтае паведамленне
у надзеі што тут ёсць нехта яшчэ
з касіяпеі

жук-кавалік спакусіўся на цэп ровара
прывабіла яго нечым іржа
быў то колер ці пах
ці падабенства ўласнага цела
да невыразнасці цэпа
ці ўбачыў ён там утульнае месца
для вечаровага адпачынку
падалей ад гуллівых мятлушак дзяцей і сабак
а яшчэ парушынак
хаця яны падабаліся
бо ляцелі няспешна і без асаблівага курсу
быццам і справаў у іх аніякіх
бесклапотныя
нібы тыя
вялізныя парушынкі што ўверсе
пэўна там таполі яшчэ большых памераў
так думаў жучок-кавалік

колькі разоў давялося яму прапаўзці па ўтулцы
каб зразумець
гэтае кола замкнёнае

побач прадрабязіў мураш-альбінос
і трывожна зрабілася

усе мы сведчым нечую смерць і чыёсь нараджэнне
толькі не ўласныя
на тое даюцца нам блізкі
ці далёкія сведкі

сваім целам вялікім
колькіх мурашоў я ўжо падавіла

вецер уздыміцца
і пачнецца самота

любая мова — прымусовае падарожжа
дзе ніхто не скажа дзе быў насамрэч пачатак
любая мова — перакладная
любая мова — страх
застацца ў адзіноце

дзе яна пачынаецца
ці была спрадвеку прапісаная ў нашыя целы
якія ад нараджэння спрабуюць забыцца
душа не бывае самотнай
але што ж рабіць яму — беднаму целу

мурашы нясуць целы суродзічаў
як здабычу ці спадзяюцца на ўваскрашэнне
што я для іх — гара дрэва ці звер
калі прыгледзецца
толькі і ёсць што пакуты
гэты сусвет
быць жывой
адчуваць боль
як тая аса што цялёпкалася праз траву
нібы прадзіраючыся праз гушчар дрэваў
уцятая (уджаленая) мурашом яна ўсё яшчэ спадзявалася
дапаўзці туды дзе бяспечна

дзе тое месца?

аса нічога мне не сказала

пад пяньком? у расколінцы дрэва?
відавочна я са сваімі памерамі туды не змяшчуся
але бы тая аса я паўзу па адкрытай мясцовасці
дзе кожны момант нехта можа мяне раструшчыць
сваім ботам
ненаўмысна
ці тое істотна?

дзеянне і намер
ухваляюцца ці асуджанымі будуць
як і кожная.кожны з нас

усе мы забойцы, ка́ты і здраднікі
у рознай ступені
але давядзецца тое прызнаць і жыць далей
цялёпкацца праз поле травы
калі пашчасціць пару разоў зірнуць на неба
дзе разам з вечнасцю
растуць аблокавыя таполі

Вольга Гапеева — паэтка, мыслярка. Піша прозу, часам драматургію і кнігі для дзяцей. Займаецца літаратурным перакладам з англійскай, нямецкай, японскай. Мае навуковую ступень у лінгвістыцы. Творы перакладзеныя больш чым на 15 моваў свету. Аўтарка кніг паэзіі “Словы якія са мной адбыліся” (2020), “Парадокс «Немаўля»” (2022), “Граматыка снегу” (2017) і інш., раманаў “Кэмэл-трэвэл” (2019) і “Самота, што жыла ў пакоі насупраць” (2021), кніг для дзяцей “Сумны суп” (2014), “Дзве Авечкі” (2017), “Адна Шкарпэтка” (2020). Лаўрэатка прэміі “Rotahorn” (Аўстрыя, 2021) і прэміі „Wortmeldungen“ (Нямеччына, 2022).