Ёсць дзве рэчы, якія выклікаюць інстынктыўную нязгоду. Першая — калі журналісты пачынаюць пісаць раманы. Другая — калі фэйсбук косіць пад мастацтва. У абодвух выпадках маем несумяшчальнасць амбіцый і амуніцыі. Але Сяргей Краўчанка — цікавае выключэнне: сеткавы райтар з выдатным музычным слыхам, андэграўндны лірык і паэт бягучага моманту. Майстар агучкі пустэчы і ператварэння жыццёвага смецця ў словы ды гукі. Карацей, наш чалавек у сэрцы татальнага абышто.
Дэбютны альбом (анты)зорнага альянсу Polyn “202022” — хронікі хронік, даўнтэмпа безнадзейнасці. Ці то трывожны сон, ці то мазаічны гайд па тагасветным Менску, ці то мемарыяльная дошка сталічнаму хіпстару, зробленая, як і належыць, з рэсайкбл матэрыялаў.