Паэзія жыве ў памылках і абдрукоўках. Магчыма, яна сама — суцэльная памылка і абдрукоўка. Бо прызначэнне паэта — парушаць канвенцыі ды спрачацца з правіламі. Шаленства вітаецца. Абсурд непазбежны. Дзе жыве аўтар? На ўсход ад граматыкі. На захад ад шызы. Ён танчыць на сметніку і ператварае катастрофы ў спецэфекты. І наадварот. Дэталі ды падрабязнасці — у падкасце з Віктарам Жыбулем.
Віктар Жыбуль — культурная анамалія. Бо паснулай краіне ты без патрэбы. Фармалісту цяжка — бо стабільна трапляеш у нефармалы. Абсурдысту млосна — бо краіна шызее лепш. Можна шчэ сысці ў дзяціннасць — але ты ўжо забыўся, як гэта робіцца. Тады застаецца хістацца і збочваць. Блытаць сляды. Мармытаць пад нос ды спяваць абы-што. Каб ніхто не распазнаў у тваёй хваробе свой боль. Каб вершык кульгаў далей.