Катастрафічнасць — нязменная тэма. Старонка ўсё не (пера)гортваецца. Смешна рабіць выгляд, што не баліць. І немагчыма харчавацца адно сваёй тугой. На гэтых арэлях ляціць новая вершаванка Насты Кудасавай. Тут усё не так. Безнадзейна і пераможна. Адчайна ды пяшчотна. Аўтарка рызыкуе, грае жорстка і ні аб чым не шкадуе. Гэта тэксты надзвычайнага стану. Лірыка глабальнага трындзяца. Па якой калісьці нехта будзе вывучаць наша сённяшняе невыноснае беларускае шчасце.
Паэтка Наста Кудасава — чулы праваднік болю і сведка цёмных часоў. У новым выданні падкасту Наста распавядае пра смерць таты як пачатак яе сталення, няшчаснае каханне і магію прыроды. Пра алкаголь, без якога немагчыма выносіць рэчаіснасць. І, вядома ж, пра паэзію як сэнс існавання.